Прэм'ер-міністр Юлія Цімашэнка не прызнае паразы на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне. Згодна са звесткамі шасці экзіт-полаў, яна адстала ад свайго саперніка, лідэра апазіцыйнай Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча, на 3,1—6,24%.
"Гэта ўсяго толькі сацыялогія. 3% — гэта ў межах сацыялагічнай хібнасці, таму высновы рабіць рана, — заявіла Цімашэнка на брыфінгу вечарам 7 лютага. — Усё залежыць ад таго, як наша каманда на месцах будзе абараняць вынікі выбараў". Яна заклікала змагацца за "кожны пратакол" і "кожны голас", таму што "голас можа вырашыць лёс Украіны".
Цімашэнка выказала ўпэўненасць, што "абсалютная большасць" грамадзян прагаласавалі за "еўрапейскую, дэмакратычную, моцную Украіну". Паводле слоў кандыдата, яе каманда вядзе паралельны падлік галасоў і ўжо ноччу будзе мець вынікі волевыяўлення грамадзян. "Калі нехта будзе да рэальнага падліку галасоў аб'яўляць або святкаваць нечыя перамогі, то гэта проста маніпуляцыя свядомасцю людзей. Пакуль не будзе падлічаны апошні пратакол, казаць пра нейкі вынік немагчыма", — сказала Цімашэнка.
"Мяркую, Украіна памятае тыя часы, калі не толькі аб'яўлялі прэзідэнтаў, выдавалі пасведчанне, але і віншавалі прэзідэнтаў, а потым іх лёс складваўся па-іншаму", — заявіла Юлія Цімашэнка, маючы на ўвазе падзеі 2004 года, калі пасля другога тура Расія павіншавала з перамогай Януковіча, аднак паводле рашэння Вярхоўнага суда быў праведзены трэці тур, у якім перамог Віктар Юшчанка.
У першым туры гэтых выбараў 17 студзеня Януковіч атрымаў 35,32% галасоў, Цімашэнка — 25,05%., паведамляе БелаПАН








Каментары