З абраннем новага прэзідэнта Украіны адносіны з Беларуссю могуць ажывіцца, пры гэтым характар адносінаў не будзе моцна залежаць ад прозвішча кіраўніка дзяржавы — Віктара Януковіча або Юліі Цімашэнкі. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў палітолаг і паліттэхнолаг, дырэктар Кіеўскага цэнтра палітычных даследаванняў і канфлікталогіі Міхаіл Паграбінскі.
- Па вялікім рахунку, у рамках, у якіх прыйдзецца працаваць любому прэзідэнту Украіны, Беларусі няма. Ёсць Расія і Еўропа, — адзначыў Паграбінскі. — Праблемы Беларусі з Еўропай і Расіяй застануцца. Магчыма, Украіна выступіць не столькі медыятарам, колькі партнёрам, каб аблегчыць становішча Беларусі ў шматвугольніку Беларусь — Украіна — Еўропа — Расія". У гэтай сувязі Еўропе на беларускую тэму лягчэй размаўляць з Цімашэнкай, чым з Януковічам, сказаў палітолаг.
Як лічыць Паграбінскі, агульныя праекты Украіны і Беларусі, у тым ліку ў сферы транзіту, захаваюць сваю актуальнасць, "нават калі гэта не вельмі спадабаецца Расіі".
На думку палітолага, беларускія карані Януковіча не будуць адыгрываць істотнай ролі ў выбудоўванні адносінаў з Мінскам. "Ён не настолькі нацыянальна заклапочаны", — сцвярджае Паграбінскі. У любым выпадку, мяркуе ён, ажыўленне адносінаў з Беларуссю будзе вынікаць з кантэксту адносінаў па лініі Украіна — Еўропа і Украіна — Расія.
63-гадовы Міхаіл Паграбінскі быў дэпутатам Кіеўсавета, членам Кіеўскага гарвыканкама, памочнікам намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Украіны, пры прэзідэнце Леанідзе Кучме з'яўляўся членам Савета па ўнутранай палітыцы, саветнікам прэм'ер-міністра, саветнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, паведамляе БелаПАН








Каментары